Yellow Brick Road сьпяюць пра людзей на краю Эўропы (+тэкст песьні)
Гурт Yellow Brick Road адрэпетаваў ужо сваю першую беларускамоўную песьню. У беларускім варыянце яна завецца не «30’s», а «00’s». Тэкст напісаў Байсан. Yellow Brick Road абралі пераможцу ў конкурсе на лепшы беларускі пераклад іх песьні «30’s», які быў абвешчаны праз «Эўрарадыё». Лидар гурта Ян Максімовіч кажа, што кожны з дасланых тэкстаў яны спрабавалі прапець. «Пераклады трапляліся вельмі акуратныя, з добра падабранымі рыфмамі, але ўсе яны аніяк не падыходзілі да нас, бо слухаліся неяк ненатуральна». Самым «натуральным» музыкі палічылі пераклад, які зрабіў Байсан (гэта творчы псэўданім паэта і музыкі Алеся Плоткі). Найперш таму, што на падставе «30’s» паўстаў зусім іншы тэкст «00’s». Яго аўтар распавядае, што напісаў яго ў цягніку «Менск-Кіславодск» шляхам да Гомеля: «Менавіта на гэтым адрэзку беларускай чыгункі была напісаная ці не траціна ўсіх маіх тэкстаў увогуле. Менавіта тут, на шляху са сталіцы ў Чарнобыльскую зону вельмі добра думаецца пра „людзей на краю Эўропы“, якія ніяк ня зьменяць свае „нулявыя“ на нешта большае, хоць кожны зь іх — выдатны чалавек „з сонцам у крыві“, кажучы словамі Горкага»… Yellow Brick Road развучылі ўжо сваю першую беларускамоўную кампазыцыю і з задавальненьнем яе выконваюць на рэпетыцыях. «Беларускі тэкст проста цудоўна пасуе. Яго можна сьпяваць аднаму і хорам, проста крычаць і выконваць акапэла, на сцэне і за сталом, дзе заўгодна яна будзе гучаць!», — заяўляе Ян Максімовіч. «00’s» музыкі плянуюць запісаць падчас студыйнай працы над трэцім альбом, якая распачнецца ў сакавіку. Песьня гэтая на сам дыск ня ўвойдзе, а будзе прэзэнтавана асобна на сайтах «Эўрарадыё» і «Тузін Гітоў» у сярэдзіне красавіка, а таксама ўвойдзе ў будучы сынгл гурта. Для яго, між іншым, Ян Максімовіч зьбіраецца напісаць і парачку аўтарскіх беларускамоўных песень. Таксама чакаецца кліп на песьню «00’s». 00’s (zeroes)
Источник: |