Зарегистрироваться

Праект R.U.T.A. запісаў альбом пра панскі прыгнёт

13 августа 2012 - netcher
article2407.jpg

11 жніўня польскі фольк-панкавы праект R.U.T.A. выпусціў новы альбом «Na vschod. Wolno albo mier», у запісу якога прыняла ўдзел беларуская спявачка Наста Някрасава і ўкраінскі гурт «Гуляйгород».

У альбом «Na vschod. Wolno albo mier» увайшлі 13 кампазыцыяў, створаных на аснове народных песен бунту супраць прыгнёту сялянаў у Польшчы, Беларусі, Украіне і Расіі. Апрацоўкай і адаптацыяй песен займаўся польскі паэт і падарожнік Яцэк Падсядла. Дзякуючы ягонай працы, а таксама падтрымцы гісторыкаў, у дадатак да дыску выйшла 120-старонкавая кніга, у якой змешчаны шэраг артыкулаў пра гісторыю польскай панк-музыкі, польскія змаганні супраць прыгнёту, сучасную беларускую і расійскую апазыцыю.

«Калі казаць пра беларускую частку, то гэта песні з розных рэгіёнаў Беларусі, напрыклад, „Садома“, „Батрацкая доля“, „Дробна драбніца“, якія да гэтуль спяваюцца ў Беларусі, — распавядае Наста Някрасава. — Ёсць таксама малавядомыя песні, якія мы знайшлі ў зборніку Рыгора Шырмы, зборніку Кабышнікава з раздзелу „Беларускія сацыяльна-бытавыя песні“. Гэта антыпрыгонніцкія песні. Напрыклад, „Я скакала, плясала“ падалася нам адпаведнай: выданне дзяўчыны замуж было звязана з непісаным законам, што першая ноч належыла пану. Гэта трагедыя, якая звязана з тэмай менавіта адносін паміж панамі і звычайнымі людзмі».

Праект R.U.T.A. створаны вядомымі польскімі музыкамі, удзельнікамі гуртоў Dezerter, Lao Che, Moskwa і Post Regiment, якія ўзнавілі старыя песні на тэму бунту і запісалі ў мінулым годзе альбом «Gore — Pieni buntu i niedoli XV–XX wiek». Гэтая плыта атрымала вялікі поспех у Польшчы і прынесла гурту адну з найбуйнейшых польскіх ўзнагародаў Paszporty Polityki.

Источник: ultra-music.com

Рейтинг: 0 Голосов: 0 130 просмотров

© 2012 MuzHub.space

Email: info@muzhub.space.