Англамоўны гурт Yellow Brick Road сумесна з Еўрарадыё прапануе сваім прыхільнікам перакласці песню «30’s» на беларускую мову. Паводле меркавання музыкаў, менавіта гэта кампазіцыя, дзякуючы сваёй меладычнасці, будзе лепш за ўсё гучаць на роднай мове.
Цікава, што прыкладна год таму Yellow Brick Road прэзентавалі кліп на «30’s», але музыкам ён не падабаецца, таму зараз плануецца яго перарабіць.
«Мы зараз шукаем працоўныя матэрыял кліпа да гэтай песні, бо ён атрымаўся жудасным, — тлумачыць ідэю дырэктар гурта Зміцер Хламаў. — Нам вельмі хацелася кліп, вось мы яго і атрымалі. Але, калі мы знойдзем матэрыял, то пад беларускамоўны трэк пераманціруем і відэа».
Увага! Музыкі адзначылі, што не патрабуюць дакладнага перакладу: галоўнае, каб новы тэкст для «30’s» быў мілагучны.
Аўтару лепшага перакладу музыкі абяцаюць падарыць запрашэнні ажно на тры свае канцэрты і live-DVD «Honeymoon». Тыя, хто трапіць у пяцёрку лепшых, атрымаюць ад Еўрарадыё дыскі іншых беларускіх каманд і шмат розных прыемных дробязяў.
Каб стаць сааўтарам YBR, дасылай свой пераклад на info@euroradio.fm з пазнакай «Кокурс Yellow Brick Road». Але зрабіць гэта трэба да 18:30 14 лютага. Пераможцу конкурсу вызначаць музыкі гурта Yellow Brick Road.