Наста Някрасава: «Хацелася б, каб наш дыск прадаваўся ў Беларусі»
Напярэдадні мінскай прэзентацыі дэбютнага альбому «Vir», які беларуская фольк-спявачка Наста Някрасава і гурт FolkRoll выдалі ў гэтым годзе ў Польшы, Ultra-Music паразмаўляў з Настай і даведаўся пра магчымасці развіцця для музыкаў у Польшы і праблемы распаўсюда музыкі ў Беларусі. Упершыню для шырокай публікі імя Насты Някрасавай прагучала ў складзе гурта NHS, чый альбом «700» у 2008 годзе выклікаў вялікі станоўчы водгук як у музычных экспертаў, так і ў слухачоў. У хуткім часе Наста разам з кампазітарам і гітарыстам Паўлам Рыжковым заснавала гурт FolkRoll, з якім атрымала гран-пры буйнога польскага фестывалю «Nowa Tradycja».
Фота: Joanna Strojek Альбом «Vir» быў запісаны і выдадзены Польскім радыё. У яго ўвайшлі 11 трэкаў, пераважная большасць з якіх — традыцыйныя песні Палесскага рэгіёну. Дзве — сольныя песні Насты, астатнія — аранжыраваныя Паўлам Рыжковым, а таксама сюіта «Cykl dziecicy», якая складаецца з дзіцячых польскіх песень і калыханак. Гэта толькі трэці беларускі альбом, які быў афіцыйна растыражаваны ў Польшчы. Дагэтуль такім дасягненнем маглі пахваліцца ULIS і «Троіца». — Твой дыск адзін з нешматлікіх беларускіх, які афіцыйна выйшаў не ў Беларусі. Якія адчуванні гэта выклікае ў цябе? Я безумоўна вельмі радая, я спадзяюся, што мае землякі таксама будуць радыя за беларускую музыку. Ці будзе прадавацца ён у Беларусі? Гэта складанае пытаньне. Продаж у Беларусі залежыць толькі ад мясцовых дыстрыбутараў. Калі яны будуць зацікаўленыя ў гэтым, яны могуць замовіць у Польшчы нейкую колькасць асобнікаў і прадаваць іх. Бо правы на выданьне належаць Польскаму радыё, якое прадаставіла студыю і выдала дыск за свае грошы. Таму толькі ў Польшчы гэты дыск і выйшаў. Але мне бы, канечне, хацелася, каб наш дыск прадаваўся ў Беларусі, каб нашыя сябры, нашыя бацькі маглі яго спакойна купіць у краме. — Ці магчыма, што твой альбом будзе выкладзены ў інтэрнэце. Увогуле, як на тваю думку, ці мае інтэрнэт будучыню ў якасьці крыніцы распаўсюду музыкі? Ці будзе наш альбом выкладзены ў інтэрнэце, ці не — залежыць ад выдаўцы. Думаю, што аспрэчваць вядучую ролю інтэрнэту ў распаўсюдзе музыкі бессэнсоўна. Але інтэрнэт ніколі не дасць таго пачуцця, калі ты трымаеш у руках новы дыск. — Чаму менавіта ў Польшчы звярнулі ўвагу на тваю творчасць? Чым зацікавілі твае працы? У Польшчы фольк-сцэна мае большыя дасягненні, чым у Беларусі. Тут публіка, якая слухае фольк-музыку, мае больш доступу да сусветнай фолькавай музыкі. Гэта пацвярджае і колькасць фестываляў, якія праводзяцца ў Польшчы… Чаму зацікавіла мая музыка? Можа крыху не сьціпла, але мо таму што гэта добрая музыка. — Няма расчаравання, што ў Беларусі твая праца не так заўважная? Я думаю, што зараз ацэньваць гэта яшчэ ранавата — мусіць прайсці некаторы час. Тым больш, практыка паказвае, што гурты, якія спачатку дасягнулі папулярнасці за мяжою, станавіліся з часам яшчэ больш запатрабаванымі на радзіме. — Ты ўжо два гады як вучышся ў Польшчу. На колькі для цябе адрозніваецца жыццё тут, ў параўнанні з беларускім? Любая краіна адрозніваецца, ў якой бы ты не жыў. Калі казаць пра вучобу, то ў Беларусі я мела вельмі добрых выкладчыкаў, якім вельмі ўдзячная. І ўсё маё музычнае жыццё пачалося ў Беларусі. Але здабыванне ведаў у Польшчы адрозніваецца: тут зьяўляюцца дадатковыя магчымасці, больш кантактаў з музыкамі, выхадаў па-за межы нават адной краіны, па-за межы гуртоў толькі беларускіх ці толькі польскіх. Увогуле вучоба тут моцна паўплывала на маю свядомасць, і як на чалавека і як на музыку — я сталею. Апроч гэтага, жывучы ў Польчшы, я магу паслухаць больш фолькавых гуртоў, якія выступаюць тут на фестывалях. Гэта дае магчымасць супрацоўніцтва, што станоўча адбіваецца на маёй кар’еры. На сёлетнім фестывалі «Басовішча» Наста Някрасава выканала некалькі песняў з зорным польскім праектам R.U.T.A., які стварылі музыкі гуртоў Dezerter, Lao Che, Kapela ze Wsi Warszawa, Moskwa і Post Regiment. Праект R.U.T.A. выконвае антыпрыгонніцкія песні 16–20 стагоддзя ў сучасным гучанні на мяжы звычайнага фольку і панку. — Распавядзі пра супрацоўніцтва з гуртом R.U.T.A. Якія далейшыя пляны? Да гурта R.U.T.A. мяне запрасілі ў чэрвені гэтага года. Мы пачалі рабіць праграму «R.U.T.A. na Uschod» і тры першыя песні з гэтай праграмы прагучалі на сёлетнім «Басовішчы». У жніўні да нас далучыліся музыкі з украінскага гурта «ГуляйГорад». Для мяне, як для музыкі, гэтае супрацоўніцтва вельмі цікавае, бо ў R.U.T.A. граюць выбітныя музыкі, і я вельмі шмат чаго магу ў іх навучыцца. У канцы года мы плануем запісаць усю праграму ў студыі. Вельмі добра, што беларускія і ўкраінскія антыпрыгонніцкія песні, якія былі забароненыя ў савецкія часы, зараз маюць магчымасць выйсці на шырокую сцэну. Даўгачаканы канцэрт Насты Някрасавай і гурта FolkRoll адбудзецца ў Мінску 30 верасня ў Маладзёжным тэатры эстрады. Гэта будзе не толькі прэзентацыя альбому «Vir», але і першы сольны канцэрт праекту ў Беларусі. Набыць альбом «Vir» можна ў крамах сеткі Empik ці праз інтэрнэт. Старонка музыкаў на Facebook. Автор: Вячеслав Радионов / Ultra-Music Источник: |