Беларускі гурт Re1ikt папоўніў сваю дыскаграфію новым рэлізам. Музыкі выпусцілі другі live-DVD пад назвай «Крыгаход» («Kryhachod»).
Гэты рэліз быў упершыню прадстаўлены публіцы на польскім опэн-эйры Halfway Festival, дзе Re1ikt выступалі разам з такімі зоркамі як Woven Hand, Гайдамакі, Вася Абломаў і іншымі.
Асновай для відэа стаў канцэрт-презентацыя альбома Re1ikt «Рэкі прабілі лёд», які прайшоў у мінскім клубе Re:Public 30 кастрычніка 2011 года. Над стварэннем DVD працавалі бубнач і лідар гурта Аляксандр Дземідзенка і відэадызайнер Al Medwedsky (Санкт-Пецярбург).
«Мы шмат працавалі над гэтым DVD, прыклалі максімум намаганняў да яго стварэння, — распавядае Аляксандр Дземідзенка. — Таксама вырашылі выкарыстаць дастаткова арыгінальнае для нашых шырот афармленне дыска. Вокладкі былі надрукаваныя на пакавальнай паперы, мы іх выразалі, седзячы на кухні. Поўны D.I.Y. Робім тое, што нам падабаецца».
Як бонус на дыску змяшчаюцца ўсе відэакліпы Re1ikt.
Першы DVD гурта «Акустическая терапия» быў запісаны ў 2008 годзе і прэзентаваны напачатку мінулага году на Ultra-Music.