Адноўлены «Рэактар» адкрыецца напрыканцы вясны
Клуб «Рэактар», які быў закрыты на рамонт яшчэ ў траўні 2011 года, паступова рухаецца да адкрыцця. Праўда, новы інтэр’ер трымаецца ў поўным сакрэце. Кажуць, што нават будучым супрацоўнікам не дазваляюць заходзіць унутр, каб раптам яны не прагаварыліся. Але Еўрарадыё ўсё ж даведалася, як будзе выглядаць абноўлены «Рэактар». Праўда, фатаграфаваць нам не дазволілі. На словах яго можна ахарактарызаваць як брутальны. «Брутальнае — гэта цэгла, метал, дзесьці — камяні, дзесьці — бетон, — прыадкрывае таямніцу гаспадар клуба Ілля. — Унутры ўсё цалкам перароблена. Гардэроб у іншым месцы, прыбіральні ў іншым, зала па-іншаму размешчаная, бары па-іншаму, на другім паверсе цяпер будзе толькі ВІП-зона, сцэна велічэзная, адмыслова, каб вялікія гурты маглі выступаць…» Адзіным больш-менш гламурным месцам у клубе будзе жаночая прыбіральня, дадае Ілля. Мужчынская ж наадварот будзе падобнай да звычайнай вайсковай. Новая дырэкцыя «Рэактара» не хоча губляць званне «лепшай клубнай канцэртнай пляцоўкі сталіцы». Абяцаюць, натуральна, і папсовыя канцэрты, але асноўная стаўка робіцца менавіта на рок-выканаўцаў і якасны гук. «Гэта будуць зоркі, якія б не паехалі ў гламурны клуб, а паехалі б у класны, брутальны клуб, з класным гукам ды класным святлом, — працягвае Ілля. — Да нас будуць прыязджаць артысты такога ўзроўню, для якіх гук ды святло вельмі важныя». Менавіта з-за гукавой апаратуры і адкладаецца адкрыццё клубу ўвесь гэты час. Зараз плануецца, што першыя канцэрты адбудуцца ў красавіку-траўні, але і гэта пакуль не дакладна. «Гук едзе з Англіі, рабілі яго пад замову, менавіта пад наша памяшканне, — тлумачыць Ілля. — Менавіта там усё падлічвалі, вымяралі правільнасць гуку, правільнасць яго напрамку, дзе яго ставіць, падлучаць, як лепш накіроўваць гук. То бок, гэта ўсё падлічвалі прафесіяналы, а не проста: „хачу тут і тут!“». Пакуль апаратура едзе, у клубе амаль усё гатова да адкрыцця. Нават вядуцца папярэднія перамовы больш чым са 180 калектывамі. Але хто гэта, а тым больш, якія з іх выступяць непасрэдна на адкрыцці клуба, пакуль трымаецца ў сакрэце. Источник: |