Гурт 2morrow2late прэзентаваў на «Еўрарадыё» новы ЕР, які атрымаў правакацыйную назву «Rock With Balls» (Рок з яйцамі).
«Шмат хто наш стыль называе гранжам, але ніякі мы не гранж, — каментуе назву, а адпаведна і стылістыку міньёну лідар ды вакаліст гурта Зміцер aka JimWin. — У новых песнях мы спрабуем дадаць новы падыход да аранжыравання, дадаць крыху блюзу, рок-н-ролу, трошкі нейкага старога року. У выніку атрымліваецца не зусім стандартная музыка, я яе называю „рок з яйцамі“, бо гэта шчыры-шчыры мужчынскі рок!»
ЕР утрымлівае чатыры песні, напісаныя яшчэ падчас звядзення папярэдняга альбома «Songs That Make You Happy». Але цяпер музыкі па-іншаму падышлі да гучання музыкі. Па словах JimWin, трэкі з «Rock With Balls» ужо можна было пачуць на некалькіх канцэртах у клубе TNT. Там жа 22-га ды 29-га верасня адбудзецца і афіцыйная прэзентацыя ЕР, дзе можна будзе набыць альбом. Але музыкі папярэджваюць, што выдадуць яго зусім невялічкім накладам.
Запіс адбывалася ў чэрвені-ліпені 2012 г. Бубны ды гітара запісваліся разам на Studio 33. Рабілася гэта, каб захаваць жывое гучанне і выкананне. Вакал і бас запісаны на хатняй студыі вакаліста. Звядзеннем займаўся сам JimWin, бо даўно жадаў паспрабаваць сябе ў ролі гукарэжысёра.