«Калядныя песьні» Данчыка выйшлі на CD
25 сьнежня падчас Каляднага фэсту ў клубе Re:Public адбылася прэзэнтацыя новага дыску Данчыка «Калядныя песьні» — канцэртнага запісу апошняга выступу музыкі ў Беларусі. Раней выйшлі пяць альбомоў вядомага музыкі: «Беларусачка» (1978), «Я ад вас далёка» (1985), «Мы адной табе належым» (1989), «Ровесники» (1991), «Мы яшчэ сустрэнемся» (1992). Пра шосты дыск ня ведаў нават Данчык, бо запісвала яго з падачы Зьмітра Марчука (старшыні фан-клюбу «Данчык-forever») адна мюнхэнская студыя падчас менскага канцэрту артыста ў вялікай залі Белдзяржфілярмоніі. «Слухаючы гэтыя песьні, падумаў, што няблага я ўсё ж сьпяваў! — кажа Данчык. — Хацеў бы прысьвяціць гэты збор песьняў сапраўднай закуліснай сіле ня толькі гэтага выданьня, але і фактычна ўсё маёй кар’еры — маёй маці Юліі Андрусішынай, якая вучыла мяне песьні і натхняла іх сьпяваць. Каб не яна, наўрад ці зьявіўся на сьвет ня толькі гэты альбом, але і ўсе астатнія». На дыск «Калядныя песьні», выдадзены «БМАgroup», трапілі 19 песень. Сярод іх беларуская версія украінскай «Галічаначкі» — «Крывічаначка» (у перакладзе Сяржука Сокалава-Воюша), гіты «Milisse mou» Наны Мускуры, «Les Feuilles Mortes» Эдыт Піяф ды іншыя. А некаторыя сусьветныя песенныя шэдэўры гучаць і без перакладу: «The Boxer» амэрыканскага дуэта 60-х Simon & Garfunkel, «Yesterday» ад вялікіх The Beatles, габрэйскі танец «Hava Nagila!», гішпанскі «Gracias a la vida» ад Віялеты Парра. Акрамя Сяржука Сокалава-Воюша над беларусізацыяй сусьветных шляґераў для Данчыка працавалі й іншыя знакамітасьці — дасьледчык францускай паэзіі Мацьвей Смаршчок з Амэрыкі, паэтка Натальля Арсеньнева. Гучаць і ніколі тут ня чутыя песьні на вершы Максіма Багдановіча («Не кувай ты, шэрая зязюля»), Уладзімера Дубоўкі («О Беларусь, мая шыпшына!»), напісаныя кампазытарамі-эміґрантамі Міколам Куліковічам, Міколам Равенскім. Источник: |